Казка на чатыры дні

Вось і надышоў гэты святочны момант, які шмат хто з нас чакаў цэлы год. 

Раніцай 28 чэрвеня мы, у колькасці дзесяці асобаў, сабраліся ў Касцёле Ісуса Міласэрнага, каб папрасіць бласлаўлення ў Госпада на няблізкі шлях ў бок Будслава.

Сёлета пілігрымка знакавая – год міласэрнасці. Больш за палова ўдзельнікаў – знаёмыя твары з леташней пілігрымкі. Кіруе намі ад пачатку роварных пілігрымак, а гэта ўжо трэці год запар, касцёльная сястра Янаша. 

У гэтым годзе ў складзе каталіцкай групы ёсць грэка-каталіцкая падгрупа на чале са святаром Віцебскай парафіі Ўваскрасення Хрыстова айцом Зміцерам. Ён на прыпынках будзе праводзіць з намі рэкалекцыі. Забягаючы наперад, адзначу: вельмі цікавые і змястоўныя былі гутаркі. 

Сёлета мой знаёмы мастак напісаў на дзвухмятровай белай тканіне чырвонай фарбай наступны тэкст: "Рыма-Каталіцкі Касцёл і Грэка-Каталіцкая царква разам(слова ”разам” вылучана, каб адразу кідалася ў вочы) з Віцебска ў Будслаў. 2016.” Побач падшыты беларускі арнамент .

Задумка такая: пры ў’ездзе ў вялікія населеныя пункты транспарант насаджваецца на двухмятровае дрэўка і ў якасці сцяга прымацоўваецца да стырна майго ровара. Увесь астатні шлях драўляныя прылады падвязваюцца да рамы ровара, а тканіна ўкладваецца ў заплечнік. Канешне, не вельмі зручна, але трэба пацярпець. Цярпенне – адзін з рухавікоў зменаў. 

Самы старэйшы сярод пілігрымаў – аўтар гэтых радкоў. Пра колькасць пражытых гадоў прамаўчу. Незнаёмыя людзі даюць мне 83. Самы маладзейшы – касцёльны міністрант Слава, 14год, займаецца плаваннем. Ён амаль увесь шлях ехаў наперадзе. Дзе мае сямнаццаць год? 

Пасля імшы, якую праводзіў яго экселенцыя, біскуп Алег, усе выходзім  на касцёльны двор на фотасесію. Фотаздымкі на памяць. Чуецца каманда сясты Янашы: "Наперад!” – і група накіроўваецца ў бок райцэнтра Бешанковічы. Казка пачынаецца. Да гарадзкой рысы нас суправаджае машына ДАІ.

Мы на трасе. Вакол непаўторныя крыявіды. Пад’ёмы і спускі. На маленькіх прыпынках молімся і п’ем ваду. Сястра Янаша не забывае нагадваць, што без вады – і ні туды, і ні сюды. Нас суправаджае машына са спальнікамі, ежай, вадой, інструментам на выпадак паломкі ровара. Кіроўца Ўладзімір заўсёды прыдзе на дапамогу.

Па просьбе нашай кіраўнічкі ўзяў свісток, каб на прыпынках збіраць пілігрымаў, разбегшыхся па сваіх патрэбах у розныя бакі. Яна дае каманду "свісток” - і мой свіст сатрасае усё наваколле. Збягаюцца пілігрымы і разлятаюцца перапужаныя птушкі. 

Калі сястра Янаша звяртаецца да маладых і крычыць: "Моладзь!”, тыя толькі паварочваюць у яе бок галаву і маўчаць, чакаючы далейшых тлумачэнняў. Я ж уздымаю правую руку ўверх, як у піянерскім прывітанні, і адказваю: "Заўсёды гатовы!” Так што мы не сумуем, час ляціць імгненна. Узяў з дому фатаапарат. Спецыяліст з мяне ніякі, але трэба зафіксаваць нешта для гісторыі, нкашталт тутэйшага летапісца Пімена.

 Першы вялікі перапынак у Астроўна, каля возера. Тут праводзіцца першая рэкалекцыя. На святой зямлі гэтага мястэчка нарадзіўся канцлер ВКЛ Леў Сапега.

 Шкада, што не магу залезць ў ваду. Неспрыяльнае надвор’е для водных працэдураў. Але хлопчыку Славе гэта не замінае. Ён адчувае сябе ў возеры нібы рыба ў вадзе.

На адным з прыпынкаў наводжу фотааб’ектыў на дзесяцікласніцу Ванду і чую: "Я не фотагенічная.”  І гэта мне кажа вельмі прыгожая дзяўчынка! А каб вы чулі, на якой добрай беларускай мове яна размаўляе – заслухаешся! Паказваю, што атрымалася – ёй падабаецца. Нарэшце паверыла ва ўласныя сілы. 

Па ўсёй трасе кіроўцы аўто прывітальна сігналілі нам. Жыхары населеных пунктаў махалі рукамі.

У адным раёным цэнтры адбылася цікавая размова. Адна бабулька, убачыўшы мяне са сцягам –транспарантам, перахрысцілася і нечакана спытала: "дзетка,(нішто сабе”дзетка” з сівой барадой) а што ў нас, улада змяняецца? 

— Чаму вы так вырашылі? 

— Я калісці глядзела кіно "Свадьба в Малиновке», Дык там кожны раз пры змене ўлады ўздымалі новы сцяг. Вось і ў цябе ён нейкі асаблівы, бел-чырвона-белы.

— А што, трэба змяняць уладу?

— Ой, як трэба! А то некаторыя начальнікі ў нас дужа засідзеліся, ужо павуціннем абраслі.

— Ну, тады зменім, калі прыдзе час. 

І ўжо крыжом блаславіла ў далейшы шлях.

У Бешанковічах да нас далучыліся яшчэ два пілігрыма з Воршы і адзін з Украіны. Цяпер нас  трынаццаць. 

У Бешанковічах і Лепелі мясцовыя каталікі забіралі нас па сваіх хатах і кватэрах. Там маы начавалі і падмацоўваліся ежай. Вельмі гасцінныя вернікі. Запрашалі на наступны год. Я б рады, ды ўсё ў руках Божых.

У 2015 годзе я вельмі хутка круціў педалі. У кожны раённы цэнтр заязджаў першым. Але тады я быў малады. Зараз састарэў на цэлы год і вырашыў ехаць у залатой сярэдзіне: не спяшацца і не адставаць. Ды дзе ж там! Калі маладыя дзяўчаткі лезуць наперад. Не звяртаюць ніякай ўвагі на старасць. Як я магу гэта сцярпець! Забываюся на свае балячкі, раблю рывок і крычу наўздагон: "Вераніка, не спакушай! Ванда, не спакушай! Наталля, не спакушай!” Пакуль яны паварочваюць галовы да мяне і смяюцца, я ўжо каля іх. Але не пераганяю, хаваюся за іх маладымі спінамі, каб мяне ветрам не здула.

На першым прыпынку пасля Лепеля я аб’яднаў прыемнае з карысным - на ўскрайку леса знайшоў чарніцы і падсілкаваўся ягадамі ўпершыню ў гэтым сезоне. 

Не паспелі ад’ехаць, як заўважыў, што спускае пярэдняе кола. Дзесці наскочыў на цвік. Да Бягомля яшчэ як да Месяца. Што рабіць?  Давялося на кожным прыпынку карыстацца насосам. Любіш катацца – любі і саначкі вазіць. Як пра мяне сказана. Паведаміў пра гэту ааврыю айцу Зміцеру. Той патэлефанаваў святару ў Бягомаль і папрасіў набыць у краме камеру. Затым звярнуўся да мяне: " Трэба неяк, спадар Барыс, даехаць да Бягомля.” "Няма праблем” – адказваю, - "толькі неабходна уявіць, што ўдзельнічаю у Алімпійскіх гульнях, паспяхова прайшоў допінг –кантроль, фініш у Бягомлі і там мяне чакае самы каштоўны прыз.” 

Так усё і адбылося. Толькі замест залатога медалю на шыю накінулі новую камеру.

У Бягомлі спыніліся ў капліцы. Нам адразу паведамілі, што ёсць магчымасць прыняць душ.Адзін у капліцы – для жанчай часткі групы, а другі, самаробны, на вуліцы – для мужчын. Розніца толькі у адным, але галоўным: у першым ёсць гарачая і халодная вада, а ў другім – пластыкавая бочка з халоднай вадой на даху награвалася сонцам.

Я паслаў у выведку хлопцаў, як маладых і загартаваных, першымі абмыцца, а потым паведаміць мне аб атрыманым задавальненні. Праз пэўны час яны бадзёра рапартавалі, што задавальненне невыказнае, самі вачыма лыбяцца. Зайшоў у душ, адчыніў кранік – ай, маці родная! Паліўся халодны струмень вады. Вось дык загартоўка, вось дык бадзёрасць! І гэта з маёй хранічнай прастудай.  Каб вытрымаць такі стрэс, я пачаў крычаць:”У-у-у ты! У-у-у гы, Ох-ох! Гэты стогн у нас песней завецца. Але калі уявіў, што на мае крыкі можа прыбегчы жаночая палова пілігрымкі, а я стаю у чым маці нарадзіла, прадбачліва змоўк. 

Потым нас паклікалі на вячэру. Стол разгарнулі ў двары капліцы. "Паспрабуйце ўсё, што Бог паслаў.” -  заклікаў мясцовы святар. 

У гэты вечар Бог паслаў усё: агурочкі, памідорчыкі, курачку, кілбасы, сыр, бульбачку, блінцы з творагам, печанюшкі некалькіх гатункаў і шмат чаго яшчэ. 

Не буду пералічваць астатнее, каб не траўмаваць страўнікі нашых чытачоў. Узгадваю ўсё – і зараз слінка цячэ. А ўяўляеце, што было тады, калі стомлены пасля такой фіззарадкі, увечары даехаў да Бегомля. Было адчуванне – быка б з’еў, і рогі б не пакінуў.

Калі пачало цямнець, ойча Зміцер узяўся за мой ровар. "Можа вам дапамагчы?” – прапанаваў я свае паслугі і пачуў у адказ: "Ты наш сцяганосец і цябе трэба берагчы, лепей адпачывай.”

Раніцай мы крануліся ў шлях. Апошні фінішны рывок. Наперадзе – Будслаў. На працягу чатырох дзён нам шанцавала, амаль не было дажджу. Толькі трошкі паліў перад Будславам і хутка спыніўся.

 На месцы былой вёскі Шунеўка, спаленай фашыстоўскімі карнікамі, дзе ў наш час пабудаваны мемарыяльны комплекс, спыніліся і памаліліся. 

Здзіўляе вуніятка Наталля. Увесь час пераконвала мяне у адсутнасці у яе шматгадовай практыкі язды на ровары, але на апошнім этапе так ірванула, што я засумняваўся, а ці Наталля гэта. Можа знешне вельмі падобная да яе спартоўка неяк зацясалася ў нашы шэрагі?

Уяджалі ў Будслаў калонай. Наперадзе сястра Янаша і ойча Зміцер, затым я са сцягам-транспарантам, за мной астатнія пілігрымы.

Летась  мяне добра абшуквалі, калі праходзілі праз металашукальнік. Ператрасалі заплечнік, пыталіся, ці ёсць зброя. Адказваў, што кінжал заўсёды з сабой нашу, даставаў сцізорык і клаў у кардонную скрыню. 

Сёлета адбылася прыемная неспадзяванка. Кіраўнік аховы толькі спытаў пра колькасць пілігрымаў і даў загад прапусціць без дагляду. Праўда, ўсе заплечнікі мы папярэдне пакінулі ў салоне машыны, якая спынілася за межамі ахоўнай зоны.

Але ў наш час так не бывае, каб у бочцы з мёдам не было лыжкі дзёгцю. А другой гадзіне начы, калі ішоў на грэка-каталіцкую літургію, мяне добра абшукалі, прычым рэчаў пры мне ніякіх не было, акром згорнутага транспаранта. Ахоўнік пачаў лапаць маё цела сваімі далонямі, а я ў паўжартоўнай форме заўважыў: ”Што вы мяне мацаеце, нібы  жанчыну, у мяне толькі скура, ды косці. Ад такога жыцця ўжо тлушчу не засталося.”  "А что на плакате написано?”  Я адказаў і дадаў: "Няўжо тэкст можа уяўляць небяспеку?” І пачуў ужо ад жанчыны-ахоўніцы: " Вы не знаете, какие плакаты может писать наша молодежь.” Пасля гэтай фразы я разгарнуў сваю сутулаватую спіну і ўзняў высока галаву, бо мяне паставілі у адзін шэраг з моладдзю. Нейкі недавер існуе да нашай цудоўнай моладзі. Ну, нічога, яна яшчэ скажа сваё слова.

Увечары маліліся ў касцёле перад іконай Маці Божай Будслаўскай, потым слухалі акафіст у выкананні грэка-каталіцкага хору з Менску.

На вялікім полі было ўсталявана шмат намётаў, побач палявыя кухні. Тысячы людзей. Хто маліўся, хто спаў, хто паўначы танчыў.

 На наступны дзень адбылася святочная імша. Пасля пятнаццатай гадзіны нашу грэка-каталіцкую групу вёз на аўтамашыне ў Віцебск айцец Зміцер. Як толькі сеў у салон, на мяне навалілася дрымота. Перад гэтым уначы спаў толькі дзве гадзіны.Нашы дзяўчаткі Света і Наташа звярнулі ўвагу на мае такія правакацыйныя паводзіны, і каб я не ўздзейнічаў адмоўна на кіроўцу, увесь шлях спявалі рэлігійныя песні. А мне сунулі ў рот ледзяш-цукерку, як таму немаўлятку соску, і цудадзейным чынам сон знік. Потым сам прыняў удзел у імправізаваным канцэрце.

Усё мае свой пачатак і свой канец. Казка з чатырох дзён завяршалася. Шкада, што вельмі хутка. Я ўдзячны арганізатарам пілігрымкі за Будслаўскае свята.

Дарагія мае пілігрымы! Я вас усіх люблю.

 Барыс Хамайда 

г. Віцебск



12-07-2016, 01:57



Видео

Блоги

Профиль
Войти через:



Календарь
«    Ноябрь 2019    »
ПнВтСрЧтПтСбВс
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930 

Карта новостей

Вернуть ли белорусскому языку статус единственного государственного?


  • ВКонтакте
  • Одноклассники

Баннеры
Праваабарончы цэнтр Вясна

Падтрымаем вязьняў!

Счетчики