Споведзь пілігрыма

 

Кожны хрысціянін марыць наведаць святую зямлю. Памаліцца і пакланіцца сусветным святыням. Хоць аднойчы ў жыцці. Але абавязкова. Такі своеасаблівы рытуал верніка.

Наша Еўфрасіння Полацкая напрыканцы свайго легендарнага жыцця здолела дабрацца да зямлі абетаванай, паспела памаліцца за нашу краіну і яе народ, і заплюшчыла назаўсёды свае вочы.

Я таксама натхняўся гэтай марай, якая ў той час здавалася мне недасягальнай. Але мелася яшчэ адна прычына, што ўзмацняла жаданне такой вандроўкі.

У сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагоддзя мой родны брат некалькі гадоў жыў і працаваў у Ізраілі. Аднойчы ён мне напісаў, што ў паліклініцы, куды ён звярнуўся, доктар-араб , пачуўшы прозвішча "Хамайда”, спытаўся:

— Вы араб?

— Не, я габрэй.

— Няпраўда, Вы араб.

— Не, я сапраўды габрэй. Але чаму Вы так лічыце?

І пачуў нечаканы адказ:

— Таму што ў перакладзе з арабскай Вашае прозвішча азначае "прыемны чалавек”.

Было зразумела: мае старажытныя продкі ў тыя далёкія часы жылі сярод арабаў, што наклала свой адбітак на прозвішча. Магчыма, яны з біблейскім Майсеем выходзілі з егіпецкага рабства. Можа, ад іх на генным узроўні перадалася мне прага да волі.

Напрыканцы верасня гэтага года адбылося неверагоднае: з мінскага аэрапорта ў паветра ўзняўся лайнер "Боінг-737”, кіруемы беларускім экіпажам. На сваіх крылах ён нёс вялікую групу паломнікаў-каталікоў (і каля 20 чалавек грэка-каталікоў), у тым ліку і аўтара гэтых радкоў. Седзячы ў салоне самалёта, я разумеў, што са мной адбыўся цуд. Была на тое Гасподняя Воля. Яго жаданне бачыць мяне на святой зямлі. Але, каб здзейснілася Боскае жаданне, трэба было разгадаць Яго волю тут, на зямлі. На мой погляд, з разгадкай паспяхова справіліся багалюбны Уладыка архімандрыт Сяргей і святар Віцебскай грэка-каталіцкай парафіі айцец Зміцер. У адрозненне ад шэраговых вернікаў, я ляцеў за кошт беларускай грэка-каталіцкай царквы. Нарэшце здзейснілася мая мара памаліцца на святой зямлі. Можа, я дажыў да сваіх год, каб гэтая мара сталася рэальнасцю.

Праз ілюмінатар пазіраў уніз, а густая воблачнасць не давала магчымасці разгледзець украінскую зямлю. Раптам чорны колер стаў насоўвацца на сушу. На адну траціну, на палову, і вось цалкам вакол чорны колер. Зразумеў: ляцім над Чорным морам. Вось ужо сопкі і ўзгоркі Турэччыны. З вышыні 10 тысяч метраў цалкам бачны востраў Кіпр. Нарэшце лайнер робіць круты віраж. Унізе, наколькі можа ахапіць вока, блакітная вада Міжземнага мора. А далей стужкай уздоўж вады выцягнуліся пясчаныя пляжы і хмарачосы Тэль-Авіва. Асляпляльнае сонца на фоне блакітнага, без адзінай хмаркі, неба. Гэта трэба было бачыць!!!

Шасі кранулася бетонкі, апладысменты ў салоне — мы ў аэрапорце Бен-Гурыён. Калісьці біблейскі Майсей 40 гадоў вёў габрэяў да зямлі абетаванай. Нам спатрэбілася ўсяго тры з паловай гадзіны. Даволі хутка атрымалі рэчы, прайшлі пашпартны і мытны агляд, селі ў пададзеныя аўтобусы маркі "Мерсэдэс” з уключанымі кандыцыянерамі. Без ахалоджвання было б цяжка. Тэмпература паветра +30. Вандроўка па біблейскіх мясцінах пачалася.

Адзін з галоўных дзён, 22 верасня 2015 года. Крыжовы шлях Іісуса Хрыста. 14 прыпынкаў. Заўважна хвалююся. Некалькі разоў пытаўся ў гіда, дзе пачатак шляху. Адказала, што паведаміць. Пілігрымам раздалі слухаўкі. Сувязь з гідам — праз іх.

З 1917 года бальшавікі раскідвалі камяні. Прыйшоў час іх збіраць. З гэтага пачну сваё пакаянне. Буду збіраць камяні на Святой Зямлі. З гэтага моманту я ўжо нікога не заўважаў. Чуў толькі праз слухаўкі тлумачэнні гіда. Нарэшце пачынаецца крыжовы шлях.

Я сагнуўся, нібы на спіну мне паклалі вялізны драўляны крыж. Поглядам утаропіўся ў зямлю і пачаў прасоўвацца наперад. Калі на вочы трапляўся камень, клаў яго ў пакет. Злева і справа на вузенькай вулачцы заклікалі пакупнікоў гандляры. Але мяне гэта не цікавіла. Хаця раз-пораз перашкаджала засяродзіцца на галоўнай мэце. Правільна ў свой час рабіў Хрыстос, адганяючы гандляроў ад храма.

Я збіраў камяні і адначасова каяўся. У чым? У памылках маладосці, у грахах па-за савецкім часам. Што доўга быў атэістам, што запозна навярнуўся да царквы. Прасіў прабачэння ў пакрыўджаных мной. Адбітак маладога максімалізму: усё хацеў, каб іншыя глядзелі на жыццё маімі вачыма. І шмат чаго яшчэ… на мой погляд, гэта было самае шчырае пакаянне, таму што яно адбывалася на Святой Зямлі.

Па ўсім крыжовым шляху я кранаў далонямі вялікія камяні, абдымаў, туліўся галавою да іх, цалаваў. Згінаўся да ўкладзеных у дарогу, кратаў рукамі, здымаў абутак і станавіўся на іх босымі нагамі. Потым увогуле пайшоў басанож. Гэтым шляхам праходзіў Хрыстос, праходзілі апосталы. За 2000 гадоў прайшло шмат выдатных людзей. Я сілкаваўся гэтай духоўнай энергетыкай.

Пра што думаў Хрыстос, ідучы праз раз’юшаны натоўп сваім крыжовым шляхам? Я ўпўнены ў адным: Ён меў непарушную веру. Першы, другі, трэці прыпынкі… Шосты прыпынак. Ад шалёнага натоўпу аддзяляецца жаночая постаць. Гэта Вераніка. Яна сваёй хусткай выцірае пот з ілба Іісуса і кропелькі грыві з ягоных вуснаў. Святой крыві Выратавальніка. Крыві, выратавальнай для ўсіх нас. За гэты духоўны подзвіг яна станецца святой Веранікай.

За час крыжовага шляху сабраў пакет камянёў. Калі наблізіліся да Храма Труны Гасподняй, узнікла пытанне, дзе пакінуць два пісьмовыя прашэнні да Госпада (тут альбо ля Сцяны Плачу), якія ляжалі ў кішэні, напісаныя яшчэ ў Віцебску.

У першым — прасіў за Беларусь, Украіну, беларускую грэка-каталіцкую царкву, за Віцебскую парафію. Прасіў здароўя і даўгалецця для Уладыкі Сяргея, здароўя і дабрабыту айцу Зміцеру з Віцебска і яго сям’і. У другім — больш за 30 прозвішчаў — родных, сяброў, братоў і сясцёр па веры. Пасля нарады з грэка-каталіцкімі святарамі прыняў рашэнне пакінуць прашэнні ў Храме Труны Гасподняй. У тым месцы, дзе першапачаткова быў пахаваны Іісус. Дзе штогод з’яўляецца благадатны агонь. У самым святым месцы на зямлі. Але прыняць рашэнне лёгка, цяжка выканаць. Там жа няма паштовай скрыні.

Стаў у вялізную чаргу. Праз пэўны час увайшоў у невялічкі склеп. Апусціўся на калені, азіраючыся па баках: зручнага месца не знаходзілася. Калі тонус душэўнага настрою пачаў зніжацца, раптам убачыў перад сабою дзве мармуровыя пліты (пад імі калісьці быў пахаваны Хрыстос), прысунутыя адна да адной, а паміжі імі — шчыліну. Туды і ўторкнуў два аркушы паперы. Перапоўнены станоўчымі пачуццямі, як мне падалося, ужо не выходзіў са склепу, а вылятаў, як анёл.

Запамінальным днём зрабілася і паездка ў Ярдэніт — месца Хросту Хрыста. Там я таксама прыняў Хрост. Айцец Андрэй Абламейка тройчы акунуў мяне ў святую ваду зялёнага колеру. Ну як пасля гэтага можна было выходзіць на бераг, не паспрабаваўшы дастаць з дна ракі Іардан камень.

Напачатку знайшоў два маленькія каменьчыкі. Мяне гэта не задаволіла, бо мара была вялікая. Узняўшы вочы ў неба, папрасіў Хрыста аб дапамозе і нырнуў. Гэтым разам у рукі трапіўся камень большы за 2 кілаграмы, таму адразу пабег да Уладыкі. Патлумачыў, што хачу прывезці ў Віцебск гэты святы камень. Падчас будаўніцтва ў Беларусі грэка-каталіцкай царквы яго можна будзе пакласці ў падмурак, і храм прастаіць не менш за дзве тысячы гадоў. У адказ пачуў вельмі мудрыя словы: "Барыс! Мы ўсёй грэка-каталіцкай групай будзем маліцца, каб ты не меў праблемаў на мытні.”

Забягаючы наперад, магу сказаць: усе камяні і ракавіны, сабраныя ў розных месцах на Святой Зямлі, дабраліся да Віцебска. З 10 кілаграмаў багажу амаль палову займалі камяні. Ёсць там камяні з Мёртвага , Галілейскага і Міжземнага мораў. Каля касцёла Нараджэння Яна Хрысціцеля, дзе адбывалася ўрачыстае адкрыццё дошкі на беларускай мове, набраў святой зямлі, палову якой высыпаў на магілы маіх бацькоў, а рэшту прыхаваў для сябе.

Кожны дзень святая імша і наведванне цудоўных храмаў. Бэтлеем, Назарэт, Ерыхон, Капернаўм, Эйн-Карэм, Магдала — вось далёка няпоўны пералік месцаў наведвання.

Яшчэ была запамінальная малітва за Беларусь каля сцяны Плачу. Па абодва бакі да мяне маліліся на іўрыце два артадаксальныя габрэі. Я, габрэй па нацыянальнасці, грэка-каталік па веравызнанні, стоячы на каленях на Святой Зямлі, каля Сцяны Плачу, чытаў малітву па-беларуску за Беларусь і яе народ. Я ўпэўнены, што Госпад пачуў мяне. У нас усё будзе добра, усё атрымаецца.

У храме на гары Табор я ўрэшуе пабачыў іканапісны партрэт Майсея. Валявы твар, сівая барада, валасы, раскіданыя пад уздзеяннем ветру, адвечная мудрасць і вера ў вачах. Бог не памыліўся, прызначыўшы яго правадыром габрэйскага народа.

На месцы першапачатковага пахавання нашй беларускай асветніцы і заступніцы Еўфрасінні Полацкай, паклаўшы левую далонь на надмагільную пліту і асэнсоўваючы вечнасць, прыйшоў да высновы: усё ў гэтым свеце мітусня, акрамя Веры, Любові і Надзеі.

Сем дзён пілігрымкі праляцелі як адно імгненне. У апошні вечар на гары ў Яфе айцец Андрэй Абламейка адкаркаваў 700-грамовую бутэльку чырвонага ізраільскага віна, набытага з ўласныя грошы, і разліў у пластмасавыя кубачкі ўсёй грэка-каталіцкай групе (амаль 20 чалавек). Падзяліў, як у аптэцы: усім патрошку, але пароўну. У мяне з’явілася крамольная думка: ці не падгледзеў ён, як Іісус дзяліў хлеб і рыбу. Піў я за нашых грэка-каталіцкіх святароў — будучую беларускую эліту, залаты фонд беларускай нацыі.

Ужо седзячы ў самалёце, узгадаў, што за ўсіх прасіў, а пра сябе забыўся. Але гэта было не галоўнае. Госпад ведае мае патрэбы і паклапоціцца пра мяне. Галоўнае было тое, што на Радзіму я вяртаўся зусім іншым чалавекам. Дзеля гэтага варта было пражыць жыццё.

 

Барыс Хамайда з Віцебску






Видео

Блоги

Профиль
Войти через:



Календарь
«    Ноябрь 2019    »
ПнВтСрЧтПтСбВс
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930 

Карта новостей

Вернуть ли белорусскому языку статус единственного государственного?


  • ВКонтакте
  • Одноклассники

Баннеры
Праваабарончы цэнтр Вясна

Падтрымаем вязьняў!

Счетчики