Журналіст Радыё Рацыя зь Берасьця Яўген Скрабец распавёў, як яго спрабавалі завербаваць супрацоўнікі КДБ пры спробе ўладкавацца на працу. Размова адбылася ў кабінэце галоўнага інжынэра Аўтобуснага парку № 1 ААТ «Брэстаблаўтатранс».
«Я спрабаваў уладкавацца на працу ў той самы аўтапарк, у сэктар „Турызму, маркетынгу і зьнешнеэканамічнай дзейнасьці", ды ня проста спецыялістам, а начальнікам вышэйзгаданага аддзелу. Дырэктар мне сказаў: нашае з табою далейшае з табою супрацоўніцтва залежыць ад размовы з двума людзьмі, якія чакаюць цябе ў суседнім кабінэце», — распавёў Яўген Скрабец Радыё Свабода.
«Там сядзелі двое. Хлопцы пачалі дзяліцца інфармацыяй аб маім жыцьці за апошні год, кантактах, паездках, дзейнасьці, учынках і нават асабістым жыцьці. Яны прапанавалі мне заняць пасаду на новай рабоце, наладжваць сваё жыцьцё, нават выбіць „блёк" (жыльлё ў панэльным доме), але пры гэтым працягваць займацца грамадзкай (не радыкальнай) дзейнасьцю. Наўзамен чэкісты прапанавалі быць зь імі на „кантакце", распавядаць пра новыя моладзевыя рухі (якія могуць зьявіцца ў Берасьці), „зьліваць" (калі я прамовіў гэтае слова, хлопцы сказалі што я ня так іх зразумеў) прыезд у Беларусь украінскіх знаёмых, ды шмат чаго яшчэ».
Паводле Скрабца, супрацоўнікі спэцслужбаў прапанавалі падпісаць паперу, што ён добраахвотна пагаджаецца быць сакрэтным супрацоўнікам беларускага КДБ.
«Натуральна, я ўстаў з зэдліка, узяў свае дакумэнты са стала ды сказаў: Sorry ребята, но я такого делать не могу. І выйшаў... — распавядае Скрабец. — Перакурыўшы, павярнуўся да дырэктара, адкуль ужо выходзілі гэтыя двое. Кіраўніку паведаміў, што супрацоўнічаць я адмаўляюся».
Падобныя выпадкі вярбоўкі грамадзкіх актывістаў і журналістаў у Беларусі ня рэдкасьць. У 2011 годзе ў Варшаве адбылася прэсавая канфэрэнцыя актывістаў сацыяльных сетак, дзе яны расказалі пра тое, як іх вербаваў беларускі КДБ.
Автор - Франак Вячорка.
« Февраль 2021 » | ||||||
---|---|---|---|---|---|---|
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 |
8 | 9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 |
15 | 16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 |
22 | 23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 |