Суд не паверыў прафсаюзнаму лідэру з Полацку, што ён ня браў грошы за бясплатную юрыдычную кансультацыю

 

Хлопец з Расонаў, якога пракансультаваў актывіст полацкай суполкі СПБ Віктар Стукаў, заявіў у міліцыю, што заплаціў за кансультаваньне 200 расейскіх рублёў. На судзе Стукаў запярэчыў, што ніякай платы ня браў. Але судзьдзя паверыў на слова жыхару Расонаў, аштрафаваўшы прафсаюзнага актывіста на 1470 рублёў за «незаконнае прыняцьце замежнай валюты».

 

Актывісты СПБ і полацкія праваабаронцы ўжо даўно кансультуюць усіх ахвотных на бясплатнай аснове. Таму сытуацыю з кансультаваньнем, за якое яму прапанавалі расейскія грошы, Віктар Стукаў лічыць правакацыяй.

«Да мяне зьвярнуўся хлопец з пытаньнямі наконт узаемаадносінаў з працадаўцам. Абʼяву пра наша бясплатнае кансультаваньне ён нібыта прачытаў у інтэрнэце. І ўсё адно напрыканцы ён запытаў, колькі мне вінен. Я сказаў, што ніколькі, бо гэта наша пазыцыя. Аднак на судзе ён засьведчыў, што я нібыта агучыў суму „5–10 беларускіх рублёў", а ён даў мне 200 расейскіх. Зрабіўшы гэта, пракансультаваны нібыта сам зьвярнуўся ў міліцыю з пытаньнем: „А раптам я нешта парушыў?"» — кажа Віктар Стукаў.

Сьведкамі на судзе выступілі міліцыянты, якія прымалі ў хлопца заяву. Падчас кансультаваньня і «разьліку» іх не было. Аднак судзьдзя Віталь Лапко палічыў паказаньні гэтых сьведак дастатковымі для таго, каб абвінаваціць прафсаюзнага актывіста ў парушэньні ўказу № 49 «Аб забесьпячэньні парадку падчас ажыцьцяўленьня валютных апэрацый».

Судовы працэс над Віктарам Стукавым распачаўся яшчэ 25 красавіка, але тады адміністрацыйную справу пачынаў разьбіраць іншы судзьдзя, Уладзімер Бясецкі. Ён ня вынес аніякага рашэньня і адправіў пратакол, складзены на спадара Стукава, назад у міліцыю на дапрацоўку.

Віктар Стукаў ужо пэнсіянэр, але дагэтуль ачольвае суполку Свабоднага прафсаюзу Беларускага на прадпрыемстве «Полацак-Шкловалакно». Ягоная пэнсія — у чатыры разы меншая за штраф, які ён мусіць сплаціць на працягу месяца. Актывіст хоць і зьбіраецца абскардзіць судовую пастанову, але мала верыць у станоўчы вынік.

На ягоную думку, гісторыя з «прыняцьцем замежнай валюты» — гэта чарговая спроба ціску на чальцоў суполкі СПБ, якую адміністрацыя прадпрыемства спрабуе ліквідаваць.

Пасьля таго як суполка СПБ папярэдзіла адміністрацыю пра магчымы страйк на «Шкловалакне», Віктар Стукаў адчувае пільную ўвагу да свае асобы. Цягам апошніх месяцаў міліцыя двойчы праводзіла праверкі паводле крымінальнага абвінавачваньня, высунутага супраць Стукава за нібыта паклёп на намесьніка дырэктара па ідэалёгіі ААТ «Полацак-Шкловалакно». Але кожнага разу справа закрывалася за адсутнасьцю складу злачынства. Прыканцы мінулага году і на пачатку 2018-га невядомыя асобы некалькі разоў спрабавалі дыскрэдытаваць спадара Стукава і ягоных паплечнікаў праз сацыяльныя сеткі.

 





Видео

Блоги

Профиль
Войти через:



Календарь
«    Май 2018    »
ПнВтСрЧтПтСбВс
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031 

Карта новостей

Вернуть ли белорусскому языку статус единственного государственного?


  • ВКонтакте
  • Одноклассники

Баннеры

Счетчики