«Апазыцыя разьяднаная і стомленая». Як Статкевіч і Някляеў агітавалі аршанскіх актывістаў за кангрэс

Размова адбылася вострая: аршанскія прадстаўнікі апазыцыйных партыяў і рухаў цалкам падтрымліваюць ідэю аб’яднаньня дэмакратычных сілаў, аднак вінавацяць у адсутнасьці кансалідацыі кіраўнікоў рэспубліканскіх структур

Сустрэча з апазыцыйнымі лідэрамі Міколам Статкевічам і Ўладзімерам Някляевым праходзіла ў мясцовым офісе АГП. На размову зь менскімі палітыкамі прыйшлі і сябры партыі БНФ, і партыі левых «Справядлівы сьвет», і ўдзельнікі кампаніі «Гавары праўду», і прыхільнікі стварэньня партыі БХД.

Уладзімер Някляеў нагадаў мэты кангрэсу дэмакратычных сілаў, які мае адбыцца 15 траўня. Першая – агучыць прапановы наконт таго, як вывесьці краіну з усебаковага крызысу. Бо, паводле яго, улады дэманструюць поўную няздольнасьць ня тое каб зрабіць гэта, але нават і прызнаць сваю паразу. Другая – аб’яднацца перад будучымі выбарамі, каб прапанаваць на іх сваіх кандыдатаў і запатрабаваць, каб выбарчы працэс быў свабодны і справядлівы. Уладзімер Някляеў падкрэсьліў, што кангрэс мае адбыцца паводле прапановы беларускай інтэлігенцыі. І абсалютна ня з тым, каб высунуць на першыя пазыцыі аднаго з галоўных прыхільнікаў гэтай ідэі Міколу Статкевіча.

Паводле Ўладзімера Някляева, ад аб’яданьня падчас кангрэсу адмаўляюцца ў першую чаргу тыя палітычныя сілы, якія хочуць уласнага палітычнага вяршэнства, а не канструктыўнай працы разам дзеля агульнай мэты – росквіту краіны.

Мікалай Статкевіч у сваёй прамове заўважыў, што «беларусаў чакаюць драматычныя, а ня выключана – і крывавыя падзеі. Бо канчаюцца падставовыя рэсурсы дзейнай улады – і „праяданьне" савецкай спадчыны, і пэрыяд „расейскага ўтрыманства". Таму надзвычай востра паўстае пытаньне: хто і куды далей павядзе Беларусь», – сказаў лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычная партыі («Народная грамада»).

Статкевіч адзначыў, што дзеля перамогі дэмакратыі прыхільнікі перамен заўжды аб’ядноўваюцца, што такі, а не інакшы, сусьветны досьвед. А ў Беларусі на сёньняшні дзень апазыцыя разьяднаная і стомленая, ня здольная на прадуктыўную працу – і найперш таму, што займаецца ўнутранымі звадамі замест таго, каб садзейнічаць руху да незалежнасьці і дэмакратыі.

Апошняя выснова выклікала цэлы шэраг пытаньняў у аршанцаў. Прыкладам, прадстаўнікі партыі левых «Справядлівы сьвет» адразу заўважылі, што ня згодныя з прапановай Міколы Статкевіча, каб аб’яднацца з усім, «апроч камуністаў і „гэбістаў"». Бо ў Воршы ўжо даўно існуе Аршанская кааліцыя дэмакратычных сілаў – супольная структура розных партыяў і рухаў, паміж якімі няма супярэчнасьцяў, і якія працуюць у адзіным накірунку, у тым ліку і падчас выбарчых кампаніяў. Спадар Статкевіч заўважыў, што ягоная прапанова адасобіцца «ад камуністаў і „гэбістаў"» была раскрытыкаваная іншымі ініцыятарамі правядзеньня кангрэсу, і што ён ня меў на ўвазе партыйцаў-камуністаў са «Справядлівага сьвету». І што наогул вялося пра кампанію «Гавары праўду», ад якой пэўны час таму з ідэйных прычынаў адышоў Уладзімер Някляеў.

Аршанскі прадстаўнік кампаніі «Гавары праўду», адначасна і сябар партыі БНФ Алесь Шутаў заўважыў, што неяк нелягічна заклікаць да аб’яднаньня, і ў той самы час падкрэсьліваць, што заклік адрасаваны толькі абраным. Спадар Шутаў зноў жа падкрэсьліў, што ў Воршы, на рэгіянальным узроўні, ніякіх супярэчнасьцяў паміж удзельнікамі кампаніі «Гавары праўду» і прадстаўнікамі іншых рэгіянальных палітычных структур няма.

Таксама Алесь Шутаў запытаўся, чаму менавіта на кангрэс мусіць быць ускладзеная функцыя аб’яднаньня прыхільнікаў дэмакратыі. І атрымаў адказ ад Мікалая Статкевіча, што кангрэс – гэта падзея, якая аніяк ня пройдзе незаўважанай, і што такім чынам можна будзе найбольш шырока абвясьціць пра аб’яднаньне апазыцыі, якога чакаюць беларусы, а таксама прыхільнікі дэмакратычных пераменаў у замежжы.

Адзін са старэйшых аршанскіх актывістаў Юры Нагорны ўпікнуў менскіх палітыкаў у тым, што разьяднаньне ў апазыцыйных шэрагах – гэта адметнасьць Менску, а не рэгіёнаў, дзе «дэмакратаў» ня так шмат, затое яны дзейнічаюць заадно. І выказаў меркаваньне, што, імаверна, ёсьць сэнс у пераабраньні партыйных лідэраў, калі яны выступаюць «за падзяленьне», а не за аб’яднаньне.

Шмат спрэчак выклікала абмеркаваньне стратэгіі ўдзелу ў будучых выбарах. У прыватнасьці, пытаньне, ці варта прапаноўваць у кожную акругу па адным кандыдаце ад апазыцыі, або іх мусіць быць некалькі. У апошнім выпадку ёсьць небясьпека, што апазыцыйныя кандыдаты набяруць вельмі няшмат галасоў, «перацягнуўшы» выбаршчыкаў адно ў аднаго. Але ці ёсьць наогул сэнс у нейкіх падліках, калі вынікі выбараў раз за разам фальсыфікуюцца? Гэтае пытаньне так і засталося без адказу.

Гутарка мясцовых актывістаў з Уладзімерам Някляевым і Мікалаем Статкевічам працягвалася больш за паўтары гадзіны. І на заклік падтрымаць ідэю скліканьня кангрэсу менскія госьці адназначнай згоды не дачакаліся. Прадстаўнік БХК Васіль Берасьнеў выказаў прапанову, каб прыхільнікі правядзеньня кангрэсу даслалі ў Воршу праекты дакумэнтаў, якія плянуюць прыняць. І ўжо тады мясцовыя актывісты будуць вызначацца, ці падтрымаць ідэю кангрэсу, або не.

Прыкладна такім самым вынікам скончылася сустрэча з прадстаўнікамі правацэнтрысцкай кааліцыі Анатолем Лябедзькам і Дзянісам Садоўскім, якія прыяжджалі ў Воршу ў мінулую суботу. Удзельнікі Аршанскай кааліцыі дэмакратычных сіл мяркуюць, што аб’яднаньне апазыцыйных актывістаў ня мусіць адбывацца па загадзе «зьверху» ад партыйнага кіраўніцтва. З тым, што аб’ядноўвацца варта, аршанцы не спрачаюцца, аднак мяркуюць, што гэты працэс мусіць найперш адбыцца ў рэгіёнах. І тады ўжо «спрацаваныя» паміж сабой мясцовыя структуры будуць гатовыя да супрацы ў маштабе ўсёй краіны.

Правядзеньне кангрэсу дэмсілаў з мэтай кансалідацыі апазыцыі ініцыявала 17 сьнежня 2015 году група вядомых грамадзкіх дзеячаў. На наступны дзень Мікалай Статкевіч, Уладзімер Някляеў і Станіслаў Шушкевіч абвясьцілі пра стварэньне аргкамітэту па падрыхтоўцы кангрэсу. Цяпер акрамя іх у склад аргкамітэту ўваходзяць Зьміцер Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Андрэй Саньнікаў, Генадзь Фядыніч і Міхаіл Пастухоў.

Кааліцыя правацэнтрысцкіх партыяў – АГП, БХД і рух «За Свабоду» – адмовіліся ўдзельнічаць у кангрэсе дэмакратычных сілаў, ініцыяваным Мікалаем Статкевічам, Уладзімерам Някляевым, Станіславам Шушкевічам.

Радыё Свабода






Видео

Блоги

Профиль
Войти через:



Календарь
«    Июнь 2017    »
ПнВтСрЧтПтСбВс
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930 

Карта новостей

Вернуть ли белорусскому языку статус единственного государственного?


  • ВКонтакте
  • Одноклассники

Баннеры

Счетчики