Што рабіць, калі цябе затрымлівае міліцыя?

Міліцыі ў Беларусі шмат. Таму верагоднасць сустрэць вартаўнікоў парадку на сваім жыццёвым шляху не заўсёды залежыць ад тваіх учынкаў. Тым больш напярэдадні, падчас і пасля выбараў. Мы сабралі парады, карысныя пры камунікацыі з міліцыяй. Каб не было няёмкіх паўзаў у размове.

  

Сустрэча

 

Асновай усіх дзеянняў міліцыі, калі гэта не тычыцца дзяржаўнай тайны, з’яўляецца галоснасць. Таму калі да цябе падышоў праваахоўнік, ён мусіць перадусім прадставіцца. Лепей узяць асадку і паперу або тэлефон і запісаць яго імя, прозвішча і нумар пасведчання. Калі міліцыянт дзейнічае не ананімна, то будзе працаваць у рамках закона. Ён ужо канкрэтны супрацоўнік, на якога можна напісаць скаргу ў пракуратуру. Памятай: нават калі міліцыянт у цывільным, ён павінен мець пасведчанне

Закон не забараняе здымаць на фота і відэа дзеянні супрацоўнікаў міліцыі (узгадваем нядаўнівыпадак у метро). Таму, калі гэта не пагражае твайму здароўю і апаратуры, здымай!

Пры размове з праваахоўнікам будзь ветлівы, не лайся. Трымай рукі перад сабой. Не кранайся міліцыянта. Чаго дакладна не варта рабіць, дык гэта біцца. Нават калі ты проста эмацыйна размахваеш рукамі, могуць абвінаваціць у непадпарадкаванні. А бойка – гэта ўжо крымінал да пяці гадоў.

Цябе маюць права «падвергнуць асабістаму дагляду», калі падазраюць, што ты ўзброены. Г.зн. міліцыянты не маюць права даставаць твае рэчы з кішэняў ці заплечніка самастойна, могуць адно папрасіць цябе пра гэта. Юрыдычна ты маеш права адмовіцца. Важна адзначыць, што дагляд мусіць праводзіць асоба, якая з табой аднаго полу. На далейшы вобшук праваахоўнік павінен мець пастанову. Калі цябе сабраліся абшукаюць без пастановы, не згаджайся, але й не супраціўляйся.

Ты не павінен насіць з сабой пашпарт. Але супрацоўнікі міліцыі могуць затрымаць кожнага чалавека для высвятлення асобы. Калі пашпарт з сабой – пытанняў няма. Калі міліцыянт настойвае на тым, каб ісці з ім у РАУС, згаджайся, бо непадпарадкаванне… памятаеш… Лепей пасля абскардзіць дзеянні супрацоўнікаў у пракуратуры.

 

У пастарунку

Ты маеш права ведаць, за што цябе затрымалі. Да трох гадзін цябе могуць трымаць для высвятлення асобы. Пасля абавязаны скласці пратакол і далей трымаць не болей 72 гадзін да суда, у іншым выпадку затрыманне страціць юрыдычную сілу. Правярай, каб час затрымання ў пратаколе быў пазначаны дакладна.

Патрабуй, каб супрацоўнікі міліцыі паведамілі родным, наймальніку альбо дырэктару навучальнай установы, што цябе затрымалі. Калі адмаўляюцца, пазнач гэта ў пратаколе.

Не абавязкова паведамляць, дзе ты працуеш, калі ты не член Савета дэпутатаў.

Пры складанні пратаколу табе павінны растлумачыць правы і абавязкі. Звычайна міліцыянты даюць паперку, дзе гэта прапісана. Калі нешта незразумела, пытайся. Калі супрацоўнік адмовіў, пішы пра гэта ў спецыяльнай графе пратакола.

Ты маеш права дапаўняць пратакол як заўгодна. Не хапае месца – прасі аркуш паперы, нумаруй яго і пішы там. Калі ты не пагадзіўся з тым, што міліцыянт напісаў пра цябе ў пратаколе, то знайдзі адпаведны пункт і напішы, з чым менавіта не згодны.

У пратаколе асабістага вобшуку пазначай апісаныя рэчы як мага дакладней і каб яны былі названы ўсе. У тэлефона пішы інвентарны нумар, калі еўра манетамі – пішы «такія манеты, столькі штук», нататнікі, алоўкі, пазначай усё. Панятыя пры вобшуку не павінны супадаць са сведкамі пры затрыманні.

 

Варта ведаць

Калі цябе адмудохалі пяць бугаёў у цывільным, кінулі ў аўтазак, у цябе пайшла кроў – трэба сабраць як мага больш доказаў для далейшага разбіральніцтва. Калі гэта нехта бачыў ці ехаў з табой у аўтазаку, даведайся імя, прозвішча гэтага чалавека, нумар тэлефона, каб потым з ім звязацца і прасіць яго сведчыць.

Для медыцынскага агляду пасля затрымання перадусім звярніся ў пракуратуру ці следчы камітэт. Там табе выпішуць накіраванне на судмедэкспертызу. Гэта трэба зрабіць адразу, бо пабоі праходзяць вельмі хутка. Нават ноччу ў пракуратуры павінен быць дзяжурны пракурор. Звяртайся адразу не ў паліклініку або траўмпункт, а менавіта ў пракуратуру. Толькі гэта будзе разглядацца ў судзе як важкі доказ.

Калі цябе пасадзілі на 15 сутак з траўмамі, патрабуй выкліку хуткай, грукай у дзверы. Кожнаму супрацоўніку міліцыі енчы, што табе кепска, што табе патрэбная медыцынская дапамога. Раз адмовілі, два. Як хуткая прыедзе, трэба, каб цябе забралі для абследавання. А там ужо расказвай усё падрабязна. І сустрэнься з блізкім або сябрам, каб той пайшоў у пракуратуру.

Калі ты ведаеш, што цябе могуць затрымаць, напрыклад на акцыі, забі хуткую клавішу на мабільніку для выкліку блізкіх. Звычайна, пакуль вязуць у аўтазаку, у цябе будзе магчымасць зрабіць кароткі выклік. У РАУС у 95% выпадкаў тэлефон адбяруць.

Чалавек звонку можа наняць адваката. Адвакат будзе дамагацца сустрэчы з табой у РАУС і абараняць на судзе. Праўда, наяўнасць адваката не надта ратуе ў палітычных справах. Аднак супрацоўнікі міліцыі будуць менш схільныя свавольнічаць супраць цябе ў пастарунку. Калі ёсць парушэнні ў складанні пратакола, адвакат можа адбіць гэтую справу. Такіх выпадкаў няшмат, але яны былі.

 

P.S.

Posidelki.in – сайт для таго, хто думае, што сядзе. Тут можна запоўніць анкету: кнігі, якія чалавек хоча пачытаць, неабходныя рэчы, лекі, што асабліва важна для дыябетыкаў. З лекамі трэба перадаваць неабходныя даведкі. Таксама ў анкеце пазначаюцца нумары тэлефонаў, хто можа гэта ўсё зрабіць.

Праваабарончы цэнтр «Вясна». Калі тваё затрыманне звязана з рэалізацыяй грамадзянска-палітычных правоў (пікетаванне, удзел у акцыі пратэсту), звяртайся ў праваабарончую арганізацыю, перадусім у цэнтр «Вясна», які дапаможа табе скаардынаваць свае далейшыя дзеянні.

 

Шчырая падзяка Міхаілу Мацкевічу, супрацоўніку Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend, за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу.

34mag.net, Ілюстрацыя by Sheeborshee




  • Для беларуси во время проведения выборов новость не актуальная.


Видео

Блоги

Профиль
Войти через:



Календарь
«    Ноябрь 2017    »
ПнВтСрЧтПтСбВс
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930 

Карта новостей

Вернуть ли белорусскому языку статус единственного государственного?


  • ВКонтакте
  • Одноклассники

Баннеры

Счетчики